ШТУ́ЧНАЕ ЛЁГКАЕ, аксігенатар,
тэхнічная прылада, якая забяспечвае функцыю газаабмену арганізма з навакольным асяроддзем па-за арганізмам. Састаўная ч. апаратаў штучнага кровазвароту і дыхання.
Вылучаюць Ш.л. адна- і шматразовыя, плёначнага, мембраннага і інш. тыпаў, якія складаюцца з розных камер (напр., газаабменнай) і канструкцый. Прынцып работы Ш.л. засн. на ўзаемадзеянні вянознай крыві, якая паступае з арганізма ў газаабменную камеру, са стэрыльным кіслародам, што падаецца туды. Пасля выдалення вуглякіслага газу і лішку кіслароду кроў вяртаецца ў сасудзістае рэчышча з дапамогай помпы. Выкарыстоўваецца пры правядзенні кардыяхірург. аперацый, рэанімацыі, інтэнсіўнай тэрапіі.
І.М.Семяненя.
т. 17, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)